Новости проекта
Образовательная платформа ЭФФОР
Голосование
Как Вам новый сайт?
Всего 28 человек

Вывучаем родную мову

Дата: 2 апреля 2019 в 10:24, Обновлено 5 мая в 11:18

Паважаныя бацькі!

У нашым дзіцячым садку кожную пятніцу

мы размаўляем на беларускай мове.

Размаўляйце, калі ласка, і вы з намі па - беларуску!

Анатоль Грачанікаў

Мова

Мова...
Родная мова
У марах, у песнях, у снах.
Мае ў ёй кожнае слова
Свой колер, і смак, і пах.
Зліваюцца гукі ў словы
I ў рэчышча роднай мовы,
Як рэкі ў мора, цякуць,
I думкі мае плывуць
На хвалях і дзён, і начэй
Да сэрцаў людскіх і вачэй.

Вывучаем родную мову

Адным з галоўных дасягненняў у перыяд дашкольнага дзяцінства з’яўляецца авалоданне мовай. Першыя маўленчыя навыкі дзіця атрымлівае ў сям’і. Грамадскае дашкольнае выхаванне, з’яўляючыся першым звяном агульнай адукацыйнай сістэмы, закладвае асновы моўнай культуры асобы. 

Мова — гэта не толькі сродак сацыяльнага ўзаемадзеяння, намінацыі рэчаіснасці, прылада інтэлектуальнай дзейнасці, рэфлексіі, самавыяўлення, самарэгуляцыі і сацыялізацыі асобы, але і ўвасабленне культурных і гістарычных каштоўнасцей народа.

Мова таксама выступае асноўным механізмам этнагенезу (прыналежнасць пры нараджэнні да якой-небудзь нацыі), дзе за ёй замацоўваецца сігніфікатыўная функцыя, інакш кажучы, мова служыць знакам для нацыянальнай ідэнтыфікацыі. 

Працэс авалодання дзецьмі мовай вельмі складаны, што абумоўлівае патрэбу ў педагагічным кіраванні, заснаваным на грунтоўным навуковым псіхолага-педагагічным падыходзе. Унікальнасць і складанасць моўнай сітуацыі, якая характарызуецца функцыянаваннем у рэспубліцы беларуска-рускага блізкароднаснага білінгвізму, патрабуе пэўнай спецыфічнай арганізацыі выхавання і навучання дзяцей дашкольнага ўзросту ў адпаведнасці з неабходнасцю засваення дзвюх моў.

БЕЛАРУСКАМОЎНЫ ДЗЕНЬ

Кожную пятніцу у дзіцячым садзе праходзіць беларускамоӯны дзень - гэта арганізацыя дзейнасці на беларускай мове. У працэсе дзейнасці рэалізуюцца задачы адукацыйнай галіны “Развіццё маўлення і культура маўленчых зносін” вучэбнай праграммы дашкольнай адукацыі. У гэты дзень педагогі арганізуюць адукацыйны працэс (заняткі, святы, гульні, віктарыны і інш.) на роднай мове, што садзейнічае фарміраванню ӯ выхаванцаӯ цікавасць і станоӯчыя адносіны да роднай мовы, краіны, вытокаӯ культуры беларускага народа.

 Пачынаем размаўляць па-беларуску!

Ветлівасць:

Ветлівымі словамі дарослыя і дзеці карыстаюцца амаль штодня. Давайце праверым свае веды і пакажам прыклад ветлівых паводзін дзецям:

Дзякуем:

Сардэчна дзякую! Я ўдзячны (удзячна) Вам! Дзякуй за дапамогу! Дзякуй за ўсё!

Просім прабачэння:

Прабачце, калі ласка! Я прашу прабачэння! Вельмі шкадую, што нарабіў Вам клопату. Не сярдуйце, так атрымалася. Даруйце, мне вельмі непрыемна.

Радуемся:

Вельмі добра! Цудоўна! Выдатна! Вось здорава! Якое шчасце! Вось гэта навіна! Мне вельмі прыемна! Я задаволены (задаволена)! Вы мяне ўзрадавалі! Мне гэта даспадобы! Гэта самая шчаслівая хвіліна ў маім жыцці! Я вельмі рады (рада)!

Жадаем:

Жадаю шчасця! Каб Вы здаровы былі і радаваліся! Хай Вас Бог беражэ! Хай Вам шчасціць! Хай будуць здаровы Вашы родныя! Расці дужы (дужая) ды вялікі (вялікая)! Хай здзейсняцца ўсе спадзяванні! Бывайце здаровы, жывіце багата! Добрай дарогі! Хай усё будзе добра! Хай Вам лёс не здрадзіць!

Імёны:

Для бацькоў імя сына ці дачкі — самае пяшчотнае і мілагучнае. Кожнае дзіця любіць, каб да яго звярталіся неяк асабліва. Камусьці падабаюцца памяншальныя ласкавыя формы імя, камусьці — толькі поўныя. Дзецям будзе цікава на некалькі хвілін акунуцца ў мінулае нашай краіны і даведацца, якія імёны існавалі раней на Беларусі.

Беларускі фальклор для дзяцей.

Цяжка знайсці больш каштоўны матэрыял для далучэння дашкольнікаў да беларускай нацыянальнай культуры, чым дзіцячы фальклор і народныя гульні. Творы вуснай народнай творчасці змалку ўваходзяць у дзіцячае жыццё; на прыкладзе знаёмых вобразаў (кот, гусі, каза), праз нескладаныя сюжэты выхоўвае веру ў дабро, справядлівасць, раскрывае маральна-этычныя погляды белрусаў, дае магчымасць прывіць любоў і павагу да роднага слова. Ужо сёння важна звярнуць увагу на выхаванне пачуцця патрыятызму, пазбаўленне комплексаў нацыянальнай прыніжанасці і нігілізму. Гэта задача набывае актуалнасць у наш час у сувязі з агрэсіўным наплывам масавай культуры і стратай прадстаўнікамі розных народаў духоўнай сувязі са свёй нацыянальнай культурай Спецыфічныя ўмовы двухмоўя патрабуюць асаблівай увагі да авалодання дзецьмі роднай беларускай мовай. Сітуацыя, калі дзеці адначасова чуюць і рускую, беларускую мовы, садзейнічае аднолькаваму ўзроўню іх успрымання, разумення. Улічваючы гэтыя асаблівасці, неабходна, каб дзеці часцей чулі, разумелі, ведалі родную беларускую мову, каб авалоданне правільным беларускім маўленнем ажыццяўлялася ў працэсе арганізаванага навучання. Вызначым мастацкія асаблівасці кожнага віда фальклорных твораў.

КАЛЫХАНКІ - асноўная задача - супакоіць дзіця мелодыкай, рытмам вершаваных строк, ціхім голасам, ласкавымі словамі. Часцей за ўсё - гэта калыханкі пра ката. Раней, перш чым пакласці дзіця ў ложак ці калыску, туды пускалі ката, каб ён забраў усе чары, а пакінуў толькі цяпло, дабро, прыязнасць.

ЗАБАЎЛЯНКІ, ПАЦЕШКІ - суправаджаюць пальчыкавыя гульні, гушканне, пацягванне, першыя крокі дзіця, супакойванне, кармленне.

ПЕСНІ - адносяцца песні дарослых для дзяцей і тыя песні, што выконваюць самі дзеці. Праз песні атрымоўваюць пэўныя уяўленні аб навакольным свеце, выхоўваецца павага да працы, асуджаецца лянота, абыякавасць. Займальнасць сюжэта, яго дынамічнасць, кампазіцыйная стройнасць спрыяюць вобразнаму мышленню, адначасова дапамагаюць засвоіць пэўныя гукі.

ЗАКЛІЧКІ - гэта зварот, заклік да сіл прыроды, з'явам, адухаўленне прыроды.

ДРАЖНІЛКІ - лаканічныя, невялікага памеру, высмейваюцца нейкія адмоўныя рысы чалавека ці жывёлы, дакладна перадаюць поэўную рысу характару.

ЛІЧЫЛКІ - прысвечаны для ўстановы чароднасці ў гульнях, выбар вядучага.

ГУЛЬНІ - прасочваецца цесная сувязь з земляробствам, з бытам, навакольнай прыродай: многія гульны заснаваны на перайманні рухаў, дзянняў пры пэўных гаспадарчых працах. У некаторыя гульні арганічна ўваходзяць і іншыя творы дзіцячага фальклору - лічылкі, забаўлянкі, калыханкі.

КАЗКІ - універсальны сродак народнай педагогікі; утрымліваюць жыццёвы маральны вопыт, народную мудрасць, рыхтуюць дзяцей да самастойнага жыцця, вучаць адрозніваць добрае ад дрэннага. Казкі вабяць дзяцей цікавымі персанажамі, прыгодніцкімі дзеямі, чараўніцтвамі, сакавітасцю роднага слова. Казкі лепш расказваць, чым чытаць, расказваць пранікненна і цікава, гледзячы дзецям ў вочы.

ЗАГАДКІ - у сціслай і дакладнай форме подводзілі да назіранняў за цэлымі групамі жыццёвых з'яў, жывёл, птушак, вызначаючы іх характэрныя асаблівасці; загадкі служаць разумоваму выхаванню.

ПРЫКАЗКІ - трапнае, лаканічнае, устойлівае народнае выслоўе павучальнага зместу, якое мае прамы і пераносны сэнс. У ёй выказваецца закончаная думка, якая дзякуючы шырокім абагульненням дае ацэнку з'яў, падзей, узаемаадносін паміж людзьмі.

ПРЫМАЎКІ - характарызуюцца незакончанасцю думкі, не мае абагульняючага значэння і выкарыстоўваюцца часцей у канкрэтнай моўнай сітуацыі, можа быць зразумелай толькі ў кантэксце. Прыказкі і прымаўкі надаюць мове выразнасць, яскравасць, вобразнасць, садзейнічаюць выхаванню высокіх маральных пачуццяў, перадаюць жыццёвы вопыт і маральна-практычную філасофію народа.

10 простых парадаў ад курсаў “Мова Нанова” 

http://www.movananova.by

 1.    Пазбаўцеся страхаў

Беларусы, якія не наважваюцца перайсці на беларускую, часцей за ўсё маюць 1001 прычыну для гэтага. Вось некаторыя з іх:

А. Я кепска размаўляю па-беларуску, таму лепш не псаваць сваімі памылкамі гэтую цудоўную мову. – Ніводная нацыя ў свеце не размаўляе на літаратурнай мове! Нават беларускія пісьменнікі кожны мае “свой варыянт” мовы, з дамешкамі і рэгіянальнымі асаблівасцямі.

Б. Я з дзяцінства размаўляю па-расейску, мая сям’я расейскамоўная. – Уявіце, што з такімі перакананнямі вам давялося б пераехаць жыць у Францыю ці Амерыку. Таксама б працягвалі?..

В. Гэта мёртвая мова, ніхто ў горадзе на ёй не гаворыць. – То маеце шанец стаць першым! І прыкладам для іншых гараджанаў – калі яны не пачнуць тут жа размаўляць, то прынамсі задумаюцца.

Д. Гэта мова калхозу і апазіцыі. – Вы адсталі ад трэнду! Сёння беларуская мова – мова культуры, інтэлігенцыі, а таксама мова для кожнага беларуса на ўсе выпадкі жыцця! Размаўляць па-беларуску – гэта сучасна, годна і модна!

 2.    Папаўняйце свой слоўнікавы запас

Пачніце з пасіўных спосабаў: чытайце кнігі, глядзіце агучаныя па-беларуску фільмы, слухайце беларускамоўную музыку, чытайце беларускамоўныя сайты і газеты, усталюйце на кампутары праграмы з беларускім інтэрфейсам. На сайтах, дзе гэта дасяжна, пераключайцеся на беларускую мову. Тое самае – з банкаматамі, інфакіёскамі і г.д.

 3.    Пішыце па-беларуску

Калі вам складана пачаць размаўляць – пачніце з пісьмовай мовы. Мэйлы, эсэмэскі, паведамленні ў інтэрнэце, допісы ў сацсетках. Пры гэтым вы маеце час абдумаць напісанае, зазірнуць у слоўнік (slounik.org). Вашыя знаёмыя пачнуць звыкацца да вас-беларускамоўнага, а вы знойдзеце новых беларускамоўных знаёмых.

 4.    Звяртайцеся па-беларуску да незнаёмцаў

Псіхалагічны бар’ер прасцей за ўсё пераадолець з незнаёмымі людзьмі, якіх вы бачыце першы і апошні раз: прадавачка ў краме, кіроўца маршруткі, мінак на вуліцы. Гэта прасцей, чым адразу пачаць размаўляць па-беларуску з бацькамі ці сябрамі, з якімі ўсё жыццё вы гутарылі па-расейску.

 5.    Наведвайце беларускія імпрэзы

Чуць жывую мову – вельмі важна, каб хутчэй авалодаць ёй самому. Да таго ж, на такіх імпрэзах вы можаце здабыць новыя знаёмствы – і пашырыць свой беларускамоўны асяродак. Яшчэ адзін спосаб – вандроўкі з беларускамоўнымі экскурсаводамі і краязнаўцамі.

 6.    Пачніце ўжываць мову ў побыце

Спачатку ў сям’і, потым на працы – у звыклых вам асяродках. Будзьце гатовыя тлумачыць зноўку і зноўку людзям прычыны такога пераходу. Прасіце падтрымаць вас у гэтым. Памятайце, што расейскамоўныя беларусы цудоўна вас разумеюць, калі вы звяртаецеся да іх па-беларуску. Старайцеся размаўляць павольна і прыгожа – каб суразмоўцам было яшчэ прасцей разумець вас. Гэта яшчэ болей прыхіне людзей да вас.

 7.    Пазнаёмцеся з дасведчанымі носьбітамі мовы

Патлумачце ім, што толькі вучыцеся. Папрасіце выпраўляць памылкі ў вашым маўленні і лексіцы. Уважліва слухайце, як гаворыць дасведчаны чалавек. Прасіце яго тлумачыць незразумелыя словы.

 8.    Набярыцеся цярпення

Для таго, каб пачаць не толькі размаўляць, але і думаць, сніць сны па-беларуску, вам спатрэбіцца час. Але мэта таго вартая, бо разам з моваю вам адкрыецца ўнікальны беларускі сусвет!

 9.    Наведвайце курсы “Мова Нанова”

Бясплатныя публічныя курсы беларускай мовы “Мова Нанова” праходзяць кожны панядзелак а 19.00 у менскай Галерэі Ў (Незалежнасці, 37а). Апроч гэтага, курсы дзейнічаюць у іншых гарадах (падрабязней – на movananova.by). Калі ў вашым горадзе курсаў пакуль няма – менавіта вы можаце іх распачаць!

 10. Вучыце мову дыстанцыйна

На сайце movananova.by выкладзена больш за 100 гатовых урокаў, у тым ліку з відэаролікамі. Калі не маеце часу хадзіць на курсы – вучыце так. Урокі можна праходзіць у любой паслядоўнасці, выбіраючы самае цікавае для сябе.

 PS За ўзор гэтых парадаў мы ўзялі такія самыя парады адносна ўкраінскай мовы і адаптавалі іх пад нашыя рэаліі.     

http://kazki.unicef.by

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.